МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т.л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны П з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.Ю.Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).
Л.Ф.Кандрацьева.
т. 9, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)